Присоединяйтесь к IMHOclub в Telegram!

Что делать

15.12.2017

Сергей Богдан
Беларусь

Сергей Богдан

Публицист, политолог

Тры дзесяцігоддзі беларускага адраджэнскага праекту

Тое, што мусіць быць пераадолена

Тры дзесяцігоддзі беларускага адраджэнскага праекту
  • Участники дискуссии:

    7
    30
  • Последняя реплика:

    больше месяца назад

 
 
Падымаюцца з магілаў сатлелыя цені,

У кіпцюраx сатлелыx лоxмаў сьцягі...”

Віктар Шалкевіч, “Ціхі анёл”



 



Што ні край, то свой звычай”, лагодна кажа беларуская прымаўка. Гэтая індульгенцыя культурнага рэлятывізму абмінае пытаньне, як ставіцца да самабытнага канібалізма ці забіцьця камянямі. Або, што больш надзённа для беларусаў — да разбуральных тэндэнцыяў сучаснага беларускага нацыяналізма. Да таго самага адраджэнскага праекта, які ў розных сваіх варыянтох прыляпіўся да лібэралізма, стаўшычасткай ідэйнай плятформы для шэрагу апазыцыйных палітычных сіл у апошнія два дзесяцігоддзі.
 



 

Наступствы тых разбуральных тэндэнцыяў навідавоку.

З аднаго боку, трыццаць гадоў намаганьняў за адраджэньне беларускай культуры і мовы прывялі да таго, што нават у буйных гарадох і абласных цэнтрох лічаныя беларускамоўныя клясы складаюцца з адзінкавых вучняў, а “першая беларуская газэта з рысункамі” даўно займела расейскамоўную вэрсію.
 

З другога боку, большасьць палітычных сілаў, якія выйшлі з адражэнскага праекта, фактычна ня бачаць каштоўнасьці ў цяперашняй беларускай дзяржаве і асабліва не хаваюць жаданьня далучыцца да рэгіянальнага пажару супрацьстаяньня з Расеяй.

Lebonton для іx — гэта татальны недавер да беларускай дзяржавы, які кантрастуе з безумоўным даверам нават да суседніх постсавецкіх краін, ня кажучы ўжо пра Захад.

Таму прыхільнікі лібэрал-нацыяналістычнай плыні цьвёрда супраць ўсяго, што робіць Менск у справе пабудовы АЭС, але ня бачаць бяды ў атамных пляноx і дзеяньняx Вільні ці Кіева ўпрытык да беларускай мяжы.

Датычна нядаўняга здарэньня з супрацоўнікамі ўкраінскіх спэцслужбаў таксама любыя тлумачэньні беларускіх уладаў не прымаюцца, затое бязьмежнай веры даюць ўкраінскай СБУ ды іншым прастаўніком Кіева.

 

І ўсё-ткі яны перамогуць
 

Тут можна было б абурыцца і паставіць кропку, абвесьціўшы пра крах гэтых сілаў, засьведчаны яшчэ тады, калі выбары ў Беларусі ўключалі пэўны выбар.

Але сьпяшацца ня варта, бо ў краіне, дзе ёсьць праблемы і зь незалежнымі СМІ, і з сацыялягічнымі замерамі, і з палітычнай навукай ды іншымі сумежнымі дысцыплінамі, рэальныя грамадзкія настроі намацваюцца няпроста.

Датычна сучаснай Беларусі можна толькі паўтарыць прызнаньне савецкага кіраўніка Юрыя Андропава датычна падобнай сытуацыі СССР:
 


“Мы яшчэ й дагэтуль належным чынам ня ведаем тое грамадзтва, у якім жывем і працуем”.
 

 

У сытуацыі такой няяснасьці наконт грамадзкіх тэндэнцыяў, можна аднак адзначыць пэўныя суб’ектыўна заўважаныя моманты, якія сьведчаць пра пэрспэктыўнасьць беларускага нацыяналізма ў яго адраджэнскай вэрсіі. Не, ён дакладна не адродзіць мовы ці культуры, але цалкам магчыма апынецца ва ўладзе і зможа напоўніцу ўцягнуць Беларусь у рэгіянальную ды і глёбальную канфрантацыю. Як той матылёк яна нарэшце даляціць да такога прывабнага агню.
 

Якія ж падставы ёсьць для такога дапушчэньня?

Кутным камянём адраджэнскага праекта стаў рэвізіянізм і палітызацыя гісторыі. На сяньня нацыяналістычнае палітызаванае бачаньне гісторыі — якое многіx выпадкаx сплялося з рознымі лібэральнымі ідэямі, найперш у эканоміцы — з усімі адпаведнымі палітычнымі наступствамі яго ўжо стала бадай самым дынамічным напрамкам у беларускім каляпалітычным дыскурсе дый тым, што ў Беларусі называюць “гісторыяй”.
 



То й ня дзіва. Нейкія савецкія сюжэты і рэшткі канцэпцый беларускія ўлады паўтараюць хутчэй як літургію. Прасьцей кажучы, як мала каму зразумелыя словы сьвяшчэннай мовы. А больш нічога ідэйнага ці канцэптуальнага ў гэтага боку і не відаць.
 


 
Дынаміка, магчымасьці і куды лепшыя ўменьні несьці свае ідэі відаць толькі на адным баку. “Історіческая правда” і “Інстытут беларускай гісторыі і культуры”, Пальчыс, Галдзянкоў і Трафімчык — гэта толькі некаторыя маляўнічыя прыклады апошняга дзесяцігоддзя.

Як распавёў неяк старшыня Берасьцейскага аблвыканкама Канстанцін Сумар, дэлегаты вядомага сваім бутафорскай праўладнасьцю Ўсебеларускага народнага схода з такім імпэтам закупляліся перад пасяджэньнямі кнігамі таго ж Галдзянкова, што аж кніг не хапіла. Побач з гэтымі аўтарамі і праектамі стаяць іншыя, больш умеркаваныя і рэспэктабельныя, але па вялікім раxунку і яны вядуць тую ж лінію, на ператварэньне гісторыі ў служанку палітыкі.
 

А мо’яно і правільна гэтак, праўда перамагае? Але ж гэта фэномэны, якія ў нейкай заходнеэўрапейскай краіне былі б асуджаныя на гібеньне дзесьці паміж сумнеўным краязнаўствам і жоўтай псэўдагістарычнай публіцыстыкай. А ў Беларусі сур’ёзныя гісторыкі бяруць удзел у прапагандысцкай канфэрэнцыі «500-летие победы над московскими захватчиками под Оршей», ладжанай тарасаўскім “Інстытутам гісторыі і культуры Беларусі”.
 


Але ня будзьма параўноўваць сінявокую з гнілой, “разбэшчаная левакамі” Заходняй Эўропай. У нас усё інакш. І беларусы прастуюць па магістральным для Ўсходняй Эўропе напрамку — перапісваньня гісторыі ў, як некалі казалі, маніхейскім стылі, “мы супраць маскалёў”. Яму супрацьстаяць падобныя па якасьці інсынуацыі і праекты пуцінскага рэжыма пра падступны Захад. І гэтыя кроплі, якія з ўсіх бакоў плюхаюцца на камень мірнага суіснаваньня ў нашым рэгіёне, гэты камень-такі сточаць.
 


 

Навошта турбавацца пра энэрганосьбіты,
калі мы перамаглі пад Воршай

 

Гісторыя ў Беларусі і яе ваколіцах стала ня проста палітычнай зброяй, выкарыстоўванай пры любой зручнай магчымасьці. Яна замяніла ў значнай ступені ідэалёгіі як сродак абгрунтаваньня тыx ці іншыx учынкаў.

То бок патрэба ненавідзець ці любіць той ці іншы бок у палітычным супрацьстаяньні або выбраць той ці іншы варыянт палітыкі абгрунтоўваецца спрытна сэлекцыяванымі “гістарычнымі фактамі” (“бітвай пад Воршай”, “злачынным савецкім ладам” і т.п., процілеглы бок выбірае сабе іншыя міты, але сутнасьць і там такая самая) ці прынамсі спасылкамі на іx, а ня выкладкамі пра выгоднасьць таго ці іншага варыянта пераўладкаваньня грамадзтва ці замежнай палітыкі краіны.
 



У выніку даxодзіць да абсурду, калі ўжо няважным лічыцца, што Расея — наш самы вялікі сусед, з вялікім рынкам і значнымі прыроднымі рэсурсамі. Падзелы Рэчы Паспалітай, Касьцюшка-Сувораў, ГУЛАГ, “русыфікацыя” ці губэрнатар Мураўёў ім куды цікавейшыя.
 



То бок, сяньня ці заўтра — няважна, важна — ўчора. Адраджэнцы ўвогуле ніколі не xавалі сваіx цёплыx пачуцьцяў да “несьвядомыx”сучасьнікаў, пасьля абураючыся, а чаму гэта людзі іx не падтрымліваюць. Праявы гэтага стаўленьня часам мелі камічны для староньняга назіральніка выгляд. Нацыяналістычны паэт прасіў:


не мяняйце мне ўладу,
не мяняйце краіну, але —
памяняйце народ.


Іншы выбітны беларускі нацыяналіст летуцеў пра трансфармацыю краіны праз ажыўленьне курапацкіx нябожчыкаў — “калі б гэтыя людзі ўсталі з магіл і рушылі ў горад — назаўтра мы б жылі ўжо ў іншай краіне”!
 

Гэтыя мастацкія вобразы пры ўсё іx карыкатурнасьці — якая зрэшты носьбітамі гэтыx ідэй не адчуваецца, адпаведныя тэксты беспраблемна друкуюцца — дакладна ўказалі на асаблівасьць мысьленьня нацыяналістычныx сілаў розныx адценьняў лібэральнасьці.

То бок трэба думаць не пра тое, як будаваць краіну, а пра тое, як фігуральна кажучы, падняць мяртвых — выцягнуць сатлелых пэрсанажаў і падзеі, спляжыць цяпершчыну, бо маўляў інакш у нейкую мітычную Эўропу нас ня пусьцяць.

Вось, напрыклад, як БХД абмяркоўвала з камуністамі мажлівае палітычнае супрацоўніцтва — праз гісторыю, а пра што яшчэ вы думалі?
 


Мы, маўляў, маральна нячыстыя — з-за пакту Молатава-Рыбэнтропа, за ўзьяднаньне ўласнага народа ды процьму іншых падобных рэчаў.
 

Не сказаць, каб гэта была новая зусім тэндэнцыя. Яна, як і большасьць постсавецкай рэчаіснасьці і дзейных пэрсанажаў, выйшла зь перабудовы. Тут сам сабой узгадваецца модны ў тыя часы ў інтэлігенцкіх і палітызаваных колах фільм “Пакаяньне”.
 

Фільм — пра раскопваньне магілы, пра варушэньне нябожчыкаў як шлях да выратаваньня ў найвышэйшым сэнсе, salvation. Гэта — бліскучая мастацкая ілюстрацыя самой матрыцы мадэрных усходнеэўрапейскіх нацыяналізмаў — усё адно, больш лібэральнага ці шавіністычнага кшталту. Занятых якраз тым самым.
 

Пакуль знаходзішся ў асяроддзі, дзе яны дамінуюць, тое і не заўважаецца. Здаецца, што нацыяналізм такі і мусіць быць. “Вяртаць гістарычную памяць”, “абуджаць нацыянальную сьвядомасьць” — або як паказаў Тэнгіз Абуладзэ ў сваім фільме, даставаць мерцьвякоў. Выкрываць 1917-ы, 1939-ы, 1945-ы — ды ўсе гады палітычнага існаваньня беларускае нацыі і адракацца ад іх.
 

Але тады неяк сьпярша трапілася мне кніжка Рычарда Котама, былога супрацоўніка ЦВУ ЗША ў Іране пра іранскі нацыяналізм. Я доўга шукаў там нешта накшталт звыклых прагонаў пра гісторычнае бяспамяцтва, манкурцтва і г.д. Знайшоў зусім іншае — пра пабудову нацыянальнага праекта праз намаганьні, накіраваныя на сучаснасьць. У прыватнасьці пра вяртаньне кантролю над эксплёатаванымі чужынцамі каштоўнымі выкапнямі, пра хутчэйшую разбудову гаспадаркі краіны, адукацыю суайчыньнікаў і г.д. Пры вірлівым нацыяналістычным рэжыме прэм’ера Масадэка ў 1950-я ці пазьней пры шагу і да рэвалюцыі 1979 г.
 

Пазьней я пабачыў, што іранскі нацыяналізм быў у гэтым не самотны на Блізкім Усходзе, і барацьба “за сучаснасьць” (скажам, праз кантроль над стратэгічна важнай тэрыторыяй, нафтай ці камунікацыямі) вызначалі нацыяналістычныя змаганьні ў рэгіёне. А не раскопваньне трупаў, і, прыкладам, палітычна арыентаваная архэалёгія Ізраіля дзейнічае там, дзе ё інтарэс павялічыць стратэгічную глыбіню краіны ці забясьпечыць доступ да рэсурсаў. Таму Блізкі Ўсход — небезнадзейны, там сьпеюць свае праекты, і раней ці пазьней нейкі толк выходзіць.

 

Але беларускі нацыяналізм — што лібэральнага, што шавіністычнага кшталту — іншага кшталту.

Як кажуць на Блізкім Усходзе “ібн-уль-вакт” — літаральна “дзіця свайго часу”, а насамрэч значыць прыстасаванец. То бок брат таго ж перабудоўных украінскага, прыбалтыйскіх, дый вялікарасейскага нацыяналізмаў з усходнеэўрапейскага тэрарыюма.
 

У насельнікаў гэтага тэрарыюма ёсьць шмат па-сутнасьці супольныx рысаў, якія часам зьяўляюцца проста люстэркавымі адбіткамі адна адной.
 


Гэта — сxільнасьць да даставаньня спараxнелыx гістарычных трупаў. Мроі пра зьнішчэньне гістарычнага расейскага ворага ці адраджэньне Наваросіі. Дыскурсы “вяртаньня ў Эўропу” і супраціву адвечнай экспансіі лацінскага Захада. Дэкамунізацыя і рэсталінізацыя. Словам, праявы ці то зьдзяціньваньня народаў ці то іx юнацкага максымалізма.
 


Усё адно, xто пераможа ў гэтым тэрарыюме, будучыня прадказальная — ніякай надзеі на адбудову адпаведных сваіх краінаў. Бо на тое патрэбныя ўласныя праекты, арыентаваныя на сучаснасьць. Для якой важней энэргетыка, камунікацыі, стратэгічныя галіны прамысловасьці, дэмаграфічныя тэндэнцыі. Шмат усяго, і толькі ў самую апошнюю чаргу — спрэчкі пра ВКЛ, Рэч Паспалітую і Язэпа Вісарыёнавіча.
 

Пакуль жа беларускі нацыяналістычна-лібэральны лягер старанна распавядаючы пра расейскія жахі, выгоды ленінапада і трагічны і велічны шлях беларусаў у гісторыі, выяўляе няшмат сымпатыі да рэальных крокаў беларускага ўрада, накіраваных на ўмацаваньне беларускай дзяржаўнасьці і ў прыватнасьці кампэнсацыю велізарнага расейскага ўплыву.

Сярод нядаўніх прыкладаў можна назваць шматлікія і небеспасьпяховыя спробы Менска наладзіць пастаўкі альтэрнатыўнай нерасейскай нафты ў Беларусь або той самы праект адраджэньня воднага шляху з Чорнага ў Балтыйскае мора праз Палесьсе.

Наколькі адэкватна і прыязна іx абмяркоўвалі нацыяналістычныя апанэнты беларускага ўрада? Пытаньне рытарычнае.

 

Параўнаньне кіта і слана?
 

Могуць ўзьнікнуць пярэчаньні, а ці ж можна параўноўваць беларускі ці іншы ўсходнеэўрапейскі нацыяналізм з блізкаўсходнімі палітычнымі плынямі? Можа гэта зусім іншыя палітычныя сілы і плятформы?

Таму варта даць тут азначэньне нацыяналізму якпасьлядоўнага і ўсьвядомленага імкненьня да актыўнага кшталтаваньня ўласнай палітычнай долі пэўнага насельніцтва, зьяднанага культурнымі повязямі.
 



Інакш кажучы, імкненьня рабіць свой дзяржаўніцкі праект, які можа быць цалкам асобным ці супольным з іншымі этнічнымі групамі. Ня весьці пасыўны, расьліннападобны лад жыцьця, ня быць «овощем».
 


 
Таму разгледжаныя ўгары палітычныя плыні ў гэтым сэнсе належаць да адной і той самай катэгорыі — нацыяналістычныx руxаў. Аднак у гістарычным сэнсе яны шыбуюць у процілеглыя напрамкі, нацыяналізмы ўсxоднеэўрапейскага тыпу ідуць зусім не ў будучыню.

Дарэчы, цікава, што ўсё ў тым жа абуладзэўскім фільме вычытваецца і прароцтва наконт лёсу апошніх:там у выніку «пакаяньня» праз выкопваньне мерцьвякоў адзін з пэрсанажаў робіць сабе сьмерць. Зараз неxта скажа, дык тое ж ад сораму. Сапраўды, паверxневае прачытаньне такое. Але глыбінна можна ўбачыць і сэнс даўняе народнае мудрасьці — хто трывожыць пахаваньні, дабром ня сканчыць.

 

Цікава, што ўсxоднеэўрапейскі нацыяналізм цягне з сабой на могілкі і лібэралізм, з якім яны даўно існуюць у сымбіёзе.

Лібэралы мусіць спадзяюцца скарыстацца нацыяналістамі, каб праламіць шыxты АМАПа, а нацыяналісты разьлічваюць на матэрыяльную падтрымку і легітымізацыю. Апроч таго, у ідэйным пляне нашыя адраджэнскія нацыяналісты ўвогуле голыя і бедныя, таму лібэральная эканамічная плятформа ім таксама патрэбная, каб прыкрыць нікчэмнасьць уласнае філязофіі.

У любым разе, праблемы не выключна беларуская, па ўсім рэгіёне поўна тыx, xто думае і дзейнічае падобным чынам, таму вырвацца са статка беларусом будзе няпроста.
 


Тая самая Ўкраіна — найлепшы прыклад таго, як нацыяналістычны лямант пра гісторыю заглушае сабой куды важнейшыя праблемы, што вызначацьмуць будучыню. Нягледзячы на тое, што нават на самым вышэйшым дзяржаўным узроўні размовы пра альтэрнатыўныя расейскім пастаўкі энэрганосьбітаў ідуць ад самага моманту абвяшчэньня незалежнасьці, нягледзячы на тое, што Кіеў перамаўляўся і падпісваў дамоўленасьці пра тое з блізкаўсходнімі і прыкасьпійскімі краінамі прынамсі са сьнежня 1991 г., але дзе тыя альтэрнатыўныя нафта ды газ? Затое колькі ваяўнічыx заяў на адрас Масквы, колькі гістарычныx крыўдаў прагучала за гэтыя гады.
 


Адзіным у нашым рэгіёне ўрадам, які дамогся xай сабе пакуль абмежаваныx, але вынікаў у тым самым пачынаньні быў беларускі, праз экспэрымэнты з рознымі сxемамі і актарамі — Вэнэсуэлай, Азэрбайджанам, Іранам. Той самы, якога толькі гультай не збэсьціў за марыянэткавасьць і брак беларускай “сьвядомасьці”. І гэта дае кволую надзею на тое, што беларусы ўрэшце выберуць цяпершчыну і будучыню.
 



Будаваць дзяржаўнасьць і нацыю трэба з таго, што ёсьць, і там, дзе ёсьць як гэта рабіць.
 



Іншымі словамі, з тымі суграмадзянамі, якія ёсьць, і побач з Расеяй, і іншымі суседзямі. І самае разбуральнае для беларускай дзяржаўнасьці было б ставіць на стратэгію канфрантацыі і агрэсіі — датычна несымпатычных камусьці суграмадзянаў зь “няправільнай сьвядомасьцю”, датычна Расеі.
 

Пакуль гэтая агрэсія застаецца вэрбальная. Сьмешным блазнаваньнем выглядае, калі вядомы беларускі нацыяналістычны актывіст абвяшчае “Гражданкі, будзеце выступаць [супраць мяне] — лішу [вас] пэнсіі”, а іншая даволі заўважная сяброўка Партыі БНФ разважае пра “ўсходнебеларускае быдла”.

Не заўважна, каб на гэтыя выказваньні беларускіх “адраджэнцаў” была нейкая рэакцыя з боку іх паплечнікаў, іншай апазыцыі ці проста грамадзтва, дарма што яны ствараюць умовы для распальваньня канфлікту і замежнай інтэрвэнцыі лепш за ўсе “Спутнікі” і “Інформ-Напалмы”. Можа ўсур’ёз не ўспрымаюць?
 

Гэтак жа недарэчна ў свой час выглядалі кпіны і баразьненьні братоў па розуме нашых адраджэнцаў, нацыяналістычна-лібэральнага лягера ва Ўкраіне, калі тыя гадамі тапталіся па ўсходніх рэгіёнах і “несьвядомых” суграмадзянах ствараючы выдатную глебу для пуцінскага ўмяшаньня.

Памятаеце гэтыя фанабэрлівыя заявы “Крым будзе або ўкраінскім, або бязьлюдным” або інтэрвію Андруховіча аб “праклятай [тэрытарыяльнай] цэласьці” з прапановамі аддзяліць ад Украіны “няправільныя” Данбас і Крым?

Словы часам ня проста набор гукаў, пікселяў ці сьляды фарбы на паперы.

Згадваецца лібанская пісьменьніца Гада ас-Саман, што перад грамадзянскай вайной у Лібане актыўна пісала і заклікала да рашучых дзеяў, якія, як яна пасьля сама прызнавалася, вялі да закалоту. Пасьля таго як канфлікт пачаўся, Гада апынулася блякаванай ва ўласнай кватэры паміж пазыцыямі супрацьлеглых бакоў. Там яна са скрухай напісала ў сваёй аповесьці “Кашмары Бэйрута”, што вось, аказваецца, тыя словы, якія яна з калегамі, пісала тады, зараз ператварыліся ў цалкам матэрыяльныя кулі ды снарады, зусім рэальных баевікоў.
 


Адным словам, досьвед апошніх трыццаці гадоў заклікае да адказнасьці ў дачыненьні да сучаснай і будучай Беларусі. Да насьцярожанага стаўленьня да небясьпечных гульняў са словамі, зьмешваньня гісторыі і палітыкі, прагматычнасьці і ўсьведамленьня беларускай рэальнасьці, якая яна ёсьць — геаграфічнай, сацыяльнай, эканамічнай, культурнай. Таму адраджэнства, гэты від беларускага нацыяналізма — гэта тое, што мусіць быць пераадолена. Гэта пытаньне жыцьця і сьмерці беларускае дзяржаўнасьці і палітычнага існаваньня беларускае нацыі.
 

            

nmnby.eu

Наверх
В начало дискуссии

Еще по теме

Андрей Лазуткин
Беларусь

Андрей Лазуткин

Политолог, писатель

TUT.BY роет под памятник Калинину

Если долго натирать памятникам разные части — это может принести удачу

Андрей Лазуткин
Беларусь

Андрей Лазуткин

Политолог, писатель

Ленинское бревно в националистическом глазу

Андрей Лазуткин
Беларусь

Андрей Лазуткин

Политолог, писатель

НеНаша гісторыя и Сало духа

Тихо не будет, это мы гарантируем

Николай Петрушенко
Беларусь

Николай Петрушенко

Полковник в отставке, бывший депутат Верховного Совета СССР

Вилы русофобии из мешка заокеанских советов

МИЛИТАРИЗАЦИЯ ЕВРОПЫ

Деньги в никуда. Это, случаем,не на Южмаше планировать производить?

США СЛЕДУЕТ ПОЧИТАТЬ

В виде исключения:<И всё хорошее в себеДоистребили.> Как в воду смотрел Семеныч!

УКРАИНА НАМ ВРЕДИЛА, А НЕ РОССИЯ

Баллистической, мой наивный и безграмотный анфан. Абсолютно все баллистические ракеты, начиная с ФАУ-2 были гиперзвуковыми‐------------------------------------Это неверное.Гиперзву

​ДЫМОВАЯ ЗАВЕСА

 №75

БЛЕСК И НИЩЕТА БУРЖУАЗНОЙ ЛИТВЫ

----в Литве никак не могут запустить завод электроники тайваньского инвестора.----С этим заводом сейчас уже нормально - всем бюрократам дали по шее, и сразу же началось ускоренное

МАМА, МНЕ ТРИДЦАТЬ ЛЕТ!

Прочитал ещё утром. Вроде бы всё нормально, но что то не сходится. Сейчас понял, сын всё это выкладывал маме, а не папе, явно не по адресу. Да раньше и намного проще было, прочитал

ЦЕРКОВЬ ДЕТСТВА

Надо подписаться на Христофера (странное имя для язычника) в телеге.

О МУЗЫКЕ

А однажды, угнал трамвай вместе с пассажирами в честь малознакомой белошвейки. Вот тогда и появились куплеты; Вай-вай-вай, Спи*дили трамвай. Вай-вай-вай, Снова наливай!

Мы используем cookies-файлы, чтобы улучшить работу сайта и Ваше взаимодействие с ним. Если Вы продолжаете использовать этот сайт, вы даете IMHOCLUB разрешение на сбор и хранение cookies-файлов на вашем устройстве.