Лечебник истории
22.12.2017
Вадим Гигин
Декан факультета философии и социальных наук БГУ
Пра нашу дзяржаўнасць
Беларуская савецкая рэспубліка павінна была з'явіцца ў 1917 годзе
-
Участники дискуссии:
-
Последняя реплика:
Гісторыя любой краіны — гэта велізарны пласт інфармацыі, які можна трактаваць па-рознаму. Галоўнае ва ўсёй гэтай разнастайнасці — захоўваць ясны погляд і абапірацца на факты.
Перыяду станаўлення беларускай дзяржаўнасці прысвечаны не адзін дзясятак навуковых даследаванняў. Менавіта сёлета да гэтай тэмы зноў праяўляецца асаблівая цікавасць, бо 2017 год юбілейны: 100 гадоў Кастрычніцкай рэвалюцыі, акурат у гэтыя дні таксама 100 гадоў назад у Мінску праходзіў Першы Усебеларускі з'езд...
Аб значэнні падзей стагадовай даўнасці для Беларусі, аб паралелях, якія можна правесці з таго часу ў дзень сённяшні, мы пагутарылі з дэканам факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ, гісторыкам, палітолагам і публіцыстам Вадзімам ГІГІНЫМ.
Фота БЕЛТА
Сувязь мінулага і сучаснага
— Непасрэднай нагодай для цяперашняй размовы стаў 100-гадовы юбілей Першага Усебеларускага з'езда. Што можна назваць вытокамі беларускай дзяржаўнасці яшчэ да той лёсавызначальнай падзеі?
— У прэамбуле да Канстытуцыі напісана, што мы, народ Рэспублікі Беларусь, абапіраемся на шматвекавую гісторыю развіцця беларускай дзяржаўнасці. Вядома, гэта пытанне няпростае. Беларуская дзяржаўнасць альбо дзяржаўнасць на беларускіх землях? Таму што існуе некалькі азначэнняў, што такое нацыя, нацыянальная дзяржава. Ёсць нацыя як этнас, а ёсць палітычная нацыя, якая аб'ядноўвае ўсе народы, што пражываюць на пэўнай тэрыторыі.
Зразумела, нацыянальная дзяржаўнасць узнікае ў ХХ стагоддзі, але розныя дзяржаўныя ўтварэнні на тэрыторыі Беларусі існавалі і да таго. Вядомы беларускі гісторык, прафесар Мікалай Сташкевіч калісьці сфармуляваў чатыры праблемныя блокі, якія выклікаюць дыскусію аб паходжанні беларускай дзяржавы. Першы — гэта старажытнарускі перыяд, адносіны Полацка і Кіева. Якой была Старажытная Русь? Гісторыкі і публіцысты адказваюць на гэтае пытанне па-рознаму.
Другі праблемны блок датычыцца этнічнага характару Вялікага Княства Літоўскага. Чыя гэта была дзяржава? Трэці — месца і роля беларускіх зямель у Рэчы Паспалітай, той перыяд, калі дзяржава існавала, але адбываўся працэс інтэнсіўнай паланізацыі, які скончыўся ў ХVІІІ стагоддзі практычна знікненнем старабеларускай культуры, яе паглынаннем польскай культурай. У чацвёртым блоку Мікалай Стэфанавіч аб'ядноўваў расійскі і савецкі перыяды, хоць я б іх падзяліў. Гэта становішча Беларусі ў складзе Расійскай імперыі, а таксама праблема савецкай дзяржаўнасці, стаўленне да БССР і БНР.
Сапраўды, пытанняў шмат, але відавочна, што працэс стварэння дзяржавы пачаўся не ў 1917 годзе, а значна раней.
— Ці можна называць сучасны Усебеларускі народны сход, які праводзіцца для вырашэння найважнейшых пытанняў дзяржаўнага маштабу, працягам Першага Усебеларускага з'езда?
— Не проста можна, яно так і ёсць на самай справе. У 1996 годзе ў перыяд палітычнага крызісу ў краіне абдумвалі, як аб'яднаць нацыю, як правесці сход народных прадстаўнікоў і якую даць яму назву. Мне давялося асабіста размаўляць з тымі людзьмі, якія мелі да гэтага прамое дачыненне, працавалі тады ў Адміністрацыі Прэзідэнта, а таксама з навукоўцамі, з якімі тады раіліся, дапамагалі саветам. Карані збору прадстаўнікоў усяго народа сыходзяць менавіта ў Народны сход Заходняй Беларусі ў кастрычніку 1939 года, які аформіў далучэнне гэтай часткі да БССР. Ну і, вядома, першакрыніца ідэі такога сходу — Усебеларускі з'езд. Само слова — усебеларускі — адсылае нас якраз да 1917-га.
Чым унікальны той з'езд? Так, яго разагналі бальшавікі Заходняга фронту, бо не жадалі дзяліцца ўладай, якую яны толькі-толькі захапілі. Але ж з'езд змог адбыцца, бо менавіта бальшавіцкае кіраўніцтва, а дакладней — асабіста Ленін і Сталін — падтрымалі яго правядзенне. Парадаксальны факт: дэлегаты прымаюць рэзалюцыю, у якой прызнаюць Савецкую ўладу, і тут жа прадстаўнікі гэтай улады з'езд разганяюць. Самавольства! І яго рэзка раскрытыкавалі ў Петраградзе, запатрабавалі правесці новы з'езд. Мяснікоў, Кнорын і Ландэр, ініцыятары разгону, круціліся-круціліся, але пад ціскам з цэнтра вымушаны былі пачаць падрыхтоўчую работу. І толькі нямецкае наступленне перапыніла яе. У Народным камісарыяце па справах нацыянальнасцяў, якім кіраваў Сталін, не сядзелі склаўшы рукі, і ў студзені 1918 года стварылі ў Петраградзе Беларускі нацыянальны камісарыят. Менавіта гэты орган адыграў выключную ролю ў стварэнні беларускай савецкай дзяржаўнасці. Набліжаецца стагадовы юбілей Белнацкама, і нам трэба годна яго адзначыць. Спадзяюся, за гэтую справу возьмецца і беларуская дыяспара ў Расіі.
На з'ездзе былі прадстаўлены людзі розных палітычных поглядаў — у асноўным, вядома, сацыялісты. Там нават святар быў, прычым не адзін. Гэта было ўнікальнае для рэвалюцыйнага часу яднанне людзей. Ад сялян і простых салдат да акадэміка Карскага. Чаму пасля разгону ў лютым 1918 года вакол Выканаўчага камітэта на некаторы час аб'ядналіся і Мінскае земства, і гарадская ўправа? Таму што бачылі ў гэтым органе легітымнасць, што і дае слова «ўсебеларускі», якое азначае прадстаўніцтва ўсяго народа.
Прычыны паражэння
— Чаму БНР, створаная ў сакавіку 1918 года, не паспела стаць сапраўднай дзяржавай за невялікі тэрмін свайго існавання?
— Галоўнае тут тое, што нельга было стаць дзяржавай ва ўмовах замежнай акупацыі. Немцы не падтрымлівалі ідэю БНР, хоць яе лідары і разлічвалі на іх апеку — гэта першае. Другое — не было народнай падтрымкі. Тыя людзі, якія стваралі БНР, з'яўляліся прадстаўнікамі палітычных сіл, якія прайгралі выбары ва Устаноўчы сход. Практычна ўсе гісторыкі прызнаюць, што тыя выбары былі дэмакратычныя. І партыі, якія ўдзельнічалі ў стварэнні БНР, перш за ўсё — БСГ, іх прайгралі. Па ўсіх выбарчых акругах, дзе яны вылучалі сваіх кандыдатаў, уключаючы Калужскую губерню (там жылі беларускія бежанцы), за іх прагаласавала крыху больш за 30 тысяч чалавек. Натуральна, калі няма падтрымкі ў народзе, то як можна рэалізаваць любую ідэю?
Акрамя таго, не было падтрымкі з боку астатніх партый краю. Як толькі 25 сакавіка 1918 года была прынятая Трэцяя ўстаўная грамата, меншавікі, эсэры і іншыя ад БНР адышлі. А гэта былі людзі, выбраныя народам, прадстаўнікі земскага і гарадскога самакіравання. Без іх Рада БНР літаральна разгубілася, так і з'явілася знакамітая тэлеграма кайзеру. Бежанскія арганізацыі, што дзейнічалі на тэрыторыі Савецкай Расіі, вельмі рэзка крытыкавалі дзейнасць БНР. Дастаткова пачытаць газету «Дзянніца», друкаваны орган Белнацкама. А якраз дзеячы бежанскай беларускай грамады потым у значнай ступені і стваралі БССР. Вось вам і сукупнаць фактараў, якія не дазволілі рэалізавацца БНР як дзяржаве.
Калі пачытаць Луцкевіча і Цвікевіча — лідараў БНР, якія пакінулі дзённікавыя запісы альбо ўспаміны пра той час, — ужо ў 1919 годзе ў іх было поўнае расчараванне ў тым, што адбываецца. І многія дзеячы БНР потым перайшлі на савецкі бок. Вядома, большасць з іх рэпрэсавалі ў 30-я.
— Дык а які ж ідэал дзяржаўнасці бачылі самі дэлегаты Першага Усебеларускага з'езда?
— Добра было б запытаць іх саміх. Паколькі такой магчымасці ў нас няма, то варта звярнуцца да дакументаў, найперш той рэзалюцыі, якую яны паспелі прыняць. У ёй прама гаворыцца пра прызнанне Савецкай улады і неабходнасці будаваць новую рэспубліку на савецкім падмурку. Таксама падкрэсліваецца неабходнасць падтрымліваць дзяржаўную сувязь з Расійскай дэмакратычнай рэспублікай. Гэта праграма дэманструе ідэалагічную пераемнасць беларускага руху. Бо вельмі падобныя патрабаванні мы можам знайсці ў часопісе «Гоман», што выдаваўся ў 1884 годзе беларускімі народнікамі. Фактычна ўжо ў 1917 годзе павінна была з'явіцца на свет Беларуская савецкая рэспубліка. З такой мэтай Саўнаркам і падтрымаў правядзенне Першага Усебеларускага з'езда. Паглядзіце: у той жа час ствараюцца савецкія рэспублікі на неакупаванай частцы Латвіі, Украіне. Дарэчы, магчыма, тая няспраўджаная рэспубліка называлася «Беларуская народная рэспубліка Саветаў», бо менавіта аналагічную назву насіла дзяржава, створаная ў снежні ў Харкаве. Толькі, вядома, не Беларуская, а Украінская. Але свавольствы групы Мяснікова—Кнорына—Ландэра, а потым і нямецкае наступленне замарудзілі гэты працэс і адклалі яго аж да 1 студзеня 1919 года.
Сіла Чалавека
— Якія асобы, на ваш погляд, аказалі найбольшы ўплыў на станаўленне беларускай дзяржаўнасці?
— Я не прыхільнік называць нейкіх канкрэтных людзей, тым больш за такі вялізарны перыяд. Вось назавеш ты ваеннага, палітыка і дзеяча культуры — а іншыя? Дарэчы, беларусы — вельмі мудрыя людзі, бо па сацыялагічных апытаннях сярод найбольш папулярных гістарычных дзеячаў яны вылучаюць тых, хто не выклікае супярэчнасцяў. Гэта тыя фігуры, якія нацыю аб'ядноўваюць, паколькі, як і ў гісторыі любой дзяржавы, у нас былі вельмі супярэчлівыя дзеячы. Дык вось, найбольш папулярныя гістарычныя персанажы ў нас — гэта Францыск Скарына, Янка Купала, Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, а следам звычайна ідзе Пётр Машэраў. Падкрэслю, што паслядоўнасць можа быць і іншая. Да Машэрава, як савецкага палітыка, могуць ставіцца па-рознаму, але збольшага стаўленне станоўчае да ўсіх гэтых імёнаў.
Каб праілюстраваць, наколькі складаная і непрамалінейная гісторыя, прывяду такі прыклад. Я разумею, у кагосьці гэта можа выклікаць раздражненне, але значны ўклад у тое, што Беларусь стала асобнай савецкай рэспублікай, унёс Іосіф Сталін. І ў скліканні з'езда, і ва ўтварэнні БССР, потым яе ўзбуйненні, і ў далучэнні Заходняй Беларусі ён адыграў вялікую ролю. Так, гэта быў крывавы дыктатар і тыран, але ж без яго ўявіць развіццё беларускай дзяржаўнасці немагчыма.
— Калі б у вас была магчымасць паўдзельнічаць і ў Першым Усебеларускім з'ездзе, і ва Усебеларускім народным сходзе, то якія прапановы вы б унеслі?
— Што датычыцца вяртання ў 1917 год, то Усебеларускі з'езд — гэта толькі адзін, хоць і вельмі важны, эпізод рэвалюцыйнай эпохі. І не дай нам Бог вярнуцца ў тое бурлівае і крывавае ліхалецце. Паглядзіце на прыклад некаторых нашых суседзяў, якія перажываюць падобную сітуацыю зараз. У Беларусі не было такога масавага тэрору, як на Кубані, Паволжы, ва Украіне, Сібіры. Напрыклад, усіх арыштаваных на з'ездзе амаль адразу адпусцілі. Першы «чырвоны» расстрэл у Беларусі па прыгаворы рэвалюцыйнага трыбунала адбыўся ў ноч з 28 лютага на 1 сакавіка 1918 года, калі пры падыходзе немцаў да Магілёва бальшавікі забілі ксяндза і двух афіцэраў. Пакуль яшчэ час быў адносна мяккі, але літаральна праз пару месяцаў пачнецца крывавы віхор Грамадзянскай вайны.
Мы павінны разумець, што беларуская дзяржаўнасць стваралася ва ўмовах вельмі жорсткай, жудаснай вайны. Так што вяртацца ў той час нават заўтра не варта.
Усебеларускі з'езд праходзіў ва ўмовах рэвалюцыі, а Усебеларускі народны сход стаў сімвалам дзяржаўнай і палітычнай стабільнасці, што з'яўляецца візітнай карткай нашай краіны. Прэзідэнт як ключавая фігура нашай палітычнай сістэмы ў сваёй дзейнасці абапіраецца на народную падтрымку. І тое, што раз у пяць гадоў праходзяць такія сходы, куды выбіраюць людзей розных прафесій, узростаў, рэгіёнаў, яскравы паказчык таго, што менавіта народ з'яўляецца крыніцай улады. Вы спыталіся пра прапановы... Відавочна, пажадана, каб гэтая стабільнасць захоўвалася і ў будучыні. Бачыце, дзве падобныя падзеі, але наколькі розныя па сваіх абставінах. Час розны...
Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ, «Звязда»
Дискуссия
Еще по теме
Еще по теме
Вадим Гигин
Декан факультета философии и социальных наук БГУ
Праздник со многими смыслами
День Октябрьской революции
Виталий Матусевич
ТРИ ЮБИЛЕЯ (Часть 1)
Почему большевики разогнали Белорусский съезд
Вадим Елфимов
Политолог, кандидат исторических наук
Счастливое число истории
Историческая память — это то, что делает народ народом
Александр Шпаковский
Политолог, юрист
Нужна ли Беларуси десоветизация?
Выстрел в голову
БЛЕСК И НИЩЕТА БУРЖУАЗНОЙ ЛИТВЫ
МИЛИТАРИЗАЦИЯ ЕВРОПЫ
Деньги в никуда. Это, случаем,не на Южмаше планировать производить?
США СЛЕДУЕТ ПОЧИТАТЬ
В виде исключения:<И всё хорошее в себеДоистребили.> Как в воду смотрел Семеныч!
УКРАИНА НАМ ВРЕДИЛА, А НЕ РОССИЯ
ДЫМОВАЯ ЗАВЕСА
МАМА, МНЕ ТРИДЦАТЬ ЛЕТ!
ЦЕРКОВЬ ДЕТСТВА
Надо подписаться на Христофера (странное имя для язычника) в телеге.