ОБЩЕСТВО
11.03.2016
Петр Петровский
Философ, историк идей
Нацыя гораду Сонца
-
Участники дискуссии:
-
Последняя реплика:
“Ці застанемся мы гібець у памежным куце…?
Ці ўвальем мы ў гэтыя падзеі свае творчыя высілкі?
Ці павінны мы марудна старэць разам з усім Захадам?
У гэтым заключаецца рашэнне, важнае для будучае палітычнае
здольнасці сілаў народу нашае зямлі праяўляцца ў дзеянні.”
Марцін Гайдэгер
Сталіца індустрыяльнай дзяржавы заўжды ў чымсьці з’яўляецца адлюстраваннем патаемных жаданняў ці ідэалаў нацыі. Асабліва гэта звязана менавіта з беларусамі, як нацыяй, што фармавалася паралельна з працэсамі індустрыялізацыі ды ўрбанізацыі.
ХІХ ст. для нашай Радзімы сталася часам, калі продкі сучасных беларусаў былі людзьмі вёскі. Гарадская культура, эстэтыка, вакшталцонасць, а з ёй таксама індустрыяльныя дысцыпліна, парадак і мысленне з’яўляліся для большасці жыхароў вёскі чымсьці чужым, незразуметым і непатрэбным. Тутэйшы вясковец мысліў сябе рэгіянальна, правінцыйна, на водшыбе свету і цывілізацыі. На пытанне “хто ён”, мужык-селянін адказваў “Мы не рускія і не палякі, а тутэйшыя. І край наш забраны”.
Нямецкі філосаф Марцін Гайдэгер падобную пазіцыю калісь акрэсліў як “гібенне ў правінцыі”. І сапраўды, вёска фармавала ў сярэднестатыстычнага яе жыхара светапогляд хутараніна, аднаасобніка, які нават і не задумваецца пра будучыню, а жыве “тут і цяпер”. Краявід падворку ўласнай хаты быў для селяніна мяжой свету, што нагадваў пячору Платона, куды тутэйшы жыхар любіў схавацца ад вялікіх прасцягаў і не думаць пра мажлівасці здейсніць штосьці большае чымсь яго падворак.
Тутэйшая правінцыйнасць ніяк не магла выступаць станоўчым фактарам фармавання беларускай нацыі, бо нацыя патрабавала ад хутараніна выйсці з уласнай “пячоры”, пераадолець страх шырокіх і далёкіх гарызонтаў, а галоўнае, зазірнуць у гэтую навіваючую жах і небяспеку, але настолькі прыцягальную і невядомую будучыню.
Аднак пераходныя эпохі выстаўляюць на першыя месцы найбольш рызыкуючых, цікавых і апантаных. Віхуры падзей і франты рэвалюцый паставілі выхадца з тутэйшае вёскі перад выбарам шляху. І шлях быў здзейснены ў найбольш радыкальным для той Еўропы напрамку — сацыялістычная нацыя працы, салідарнасці ды волі.
Менск як горад, цікавы тым, што яго другое нараджэнне з правінцыйнага губернскага места ў цэнтр беларускага жыцця, суправаджаўся рэвалюцыяй краявіду і складу насельніцтва. Менску наканавана было стаць сталіцай новай нацыі, якая пайшла непадобным да заходніх і паўночных суседзяў шляху.
Першыя гады жыцця маладой сацыялістычнай Беларусі былі акрэслены творчым выбухам новых імёнаў, якія імкнуліся ўтварыць праект будучай, непадобнай на папярэднія краіны. Мінулы сялянскі вобраз станавіўся непатрэбным перажыткам і дрыгвой, якая затрымлівала набіраючыя тэмп крокі маладых беларусаў у будучыню. Індустрыялізацыя — вось той нерв маладой нацыі, які вызначаў пафас новай дзяржавы. Паэты-беларусы ў адзін голас гаманілі пра пераадоленне вясковасці, стварэнне новага сацыялістычнага, гарадскога беларуса. Асабліва прыгадваюцца радкі Алеся Дудара:
Мне казалі калісь
— Беларусь —
гэта толькі балоты ды ўзгоркі,
ды народ, што сагнуўшыся ў крук,
лье свой пот у чужыя разоры.
Паплылі падарожнага крокі
Дый загаслі ў тужлівых ценях...
Я знайшоў Беларусь ненарокам
у сырых гарадскіх сутарэннях.
Але сацыялістычная сталіца не магла размясціцца ў мурох губернскага, “дробнабуржуазнага”, як бы акрэслелі ў 1920-я гг. некаторыя, гораду. Патрабавалася радыкальная рэвалюцыя краявіду. Будаўніцтва беларускай сацыялістычнай нацыі, аформленай ва ўласную дзяржаву, запатрабавала стварэння ў яе сталіцы тых сімвалаў, якія адлюстроўвалі б роўны і самастойны статус беларуса, не горшага за прадстаўніка іншае нацыі. Паўнавартасная нацыя патрабавала ўласных ўладных цэнтраў, “храмаў” культуры, адукацыі і навукі. Прадстаўнічыя будынкі павінны былі станавіцца новымі цэнтрамі прыцягнення ў гарадскім асяродку, замяшчаючы падобныя функцыі ў губернскіх, царкоўных ды іншых будынкаў, сімвалізуючых сацыяльны ды нацыянальны прыгнёт, правінцыйнасць і “мелкабуржуазнае” мысленне. Так з’яўляюцца праекты Дому Ўраду, Тэатру оперы і балета, Дому афіцэраў, Акадэміі навук БССР.
Нацыянальныя будынкі павінны былі даваць нагляднае пачуццё сваёй высокай значнасці. Новыя збудаванні нацыі надавалі вобліку горада перш за ўсё маштаб і фармавалі новыя цэнтры.
Дом Ураду акрэсліваўся як першы ўласнабеларускі праект рэспубліканскага маштабу. Ён сімвалізаваў здатнасць нацыі да дзяржаўніцтва, прысутнасць яе волі да суб’ектнасці і кіравання ўласным лёсам. Аўтар праекту, архітэктар Лангбард стаяў на раздарожжы. У той час еўрапейская традыцыя архітэктуры была ў некаторым крызісе. Вылучаліся два накірункі: эклектычны мадэрн, што сімвалізаваў буржуазны, спажывецкі “рай”, ды аскетычны і практычны канструктывізм. Лангбард пайшоў па сваім шляху. Яму хацелася падкрэсліць як дысцаплінаванасць, упарадкаванасць новай сацыялістычнай нацыі, так паказаць кантрастыўную процілегласць новага часу панавання беларуса-гаспадара ў параўнанні з вякамі сацыяльнага ды нацыянальнага прыгнёту. Падобныя задачы стаялі перад Лангбардам і пры распрацоўцы іншых будынкаў-сімвалаў новай беларускай нацыі. Вышэйшай маральнай місіяй архітэктуры для яго станавілася выхаванне новага беларуса, роўнага і паўнавартаснага прадстаўніка нацыі-пераможцы сацыяльнага ды нацыянальнага прыгнёту.
Скарэктавалі планы савецкіх архітэктараў Менску выбухі Вялікай Айчыннай. З аднаго боку вайна сама сабою ачысціла краявід ад помнікаў сацыяльнага ды нацыянальнага прыгнёту. Губернскі горад быццам знік. Гэта дазваляла архітэктарам перапісаць папярэднюю гарадскую гісторыю Менску, адкрыўшы яго новую старонку.
З іншага боку партызанскі вопыт барацьбы ствараў пантэон герояў новай нацыі. Вялікая Айчынная кавала новую нацыянальную эліту, якая была павязаныя міжсобку “кроўю” разам з тымі простымі беларусамі, што поплеч змагаліся за права на існаванне. Гэтыя акалічнасці вымаглі ў пасляваенны час пераглянуць маштабы і характар трансфармацыі гарадской тэктонікі. Цяпер беларуская нацыя, загартаваная ў віхурох вайны, незнарокам пайшла па запаветах Платона, які вызначыў, што “ўсё велічнае знаходзіцца ў бурах”. Беларусы неўсвядомлена адчувалі патрэбу ў будаўніцтве новай сталіцы, якая б сталася “горадам-ордэнам”, сталіцай спартанскай нацыі партызанаў-пераможцаў.
Прызначэнне горада-сонца складалася ў тым, каб увасобіцца ў нацыянальных помніках, бо манументальнасць, падобная да Вялікай Айчыннай вайны, падобна ўзлёту народу, падобна заснаванню дзяржавы, дзейнічае, вызваляючы творчыя сілы і зноў упарадкаваючы нацыянальнае быццё, наводзячы парадак, там дзе яшчэ нядаўна панаваў хаос акупацыйнага рэжыму.
Будаўнічая воля беларусаў, прага да новага гораду, створанага ў імя права “людзьмі звацца”, увасаблялася ў манументальныя помнікі, што напаўнялі крок за крокам краявід сэрца Бацькаўшчыны. Новы Менск, горад-сонца адкрываўся погляду сузіральніка ўжо на чыгуначным вакзале адпаведнай брамай, на версе вежаў якой усталяваны вобразы працоўных змагароў нацыі ад калгасніка да жаўнера і рабочага. Асобна ўзяты грамадзянін перад падобным вялікім будынкам павінен быў прасякнуцца думкай, што беларуская сацыялістычная нацыя сцвярджае сябе ў духу салідарызму, адзінства і працавітасці.
Нацыянальныя элементы ўпісваліся ў архітэктуру горада-сонца як адсылка на самабытную пераемнасць з мінулымі эпохамі. Гэта сталася праз ужыванне непаўторных арнаментаў слуцкіх паясоў, адлюстраваных на стаўбах галоўнага праспекту краіны. Таксама, асабліва каларытна глядзеліся салярныя сімвалы на галоўным будынку беларускага радыё.
Беларуская тэктоніка ўвасаблялася ў арганічнай планіроўцы, якая адпавядала строгаму руху форм і строгаму парадку збудаванняў. Падобныя рэчы павінны былі прывучыць яшчэ вясковага ў сэрцы беларуса да новага жыцця ў індустрыяльным і культурным цэнтры. Манументальнасць сумяшчала функцыяналізм, камфорт ды ідэалагічны эфект, што неслі ў параўнанні з вясковым бытам, планаванне прасторы гораду-сонца, а, з іншага боку, з’яўляліся заклікам да парадку, дысцыпліны і пачуцця перамогі. Гэта быў вымаўлены ў камені сацыялізм.
Агульны вобраз горада-сонца абапіраўся на кангламерат самых розных мадэляў архітэктуры. Але будынкі нацыянальнага значэння не проста вызначылі краявід, але прадэманстравалі злучэнне ўсіх прафесій ад працоўных да навукоўцаў, мастакоў ці спартоўцаў у адзінай сацыялістычнай нацыі і сям’і савецкіх народаў.
Менск і Беларусь пераўтвараліся ў велічны архітэктурны цэнтр, пантэон гераізму і перамогі, дзе воля да міру занатаваная ў камені. Цэнтрам гораду-храму станавіўся ўрачысты алтар — Плошча Перамогі. Яна ўвасабляла сабой сакральную стэлу волі беларускай нацыі, ад якой, быццам сонечныя промені, разыходзіліся шляхі ў розныя бакі да самых далёкіх закуткоў Беларусі.
Калі глядзіш сёння на Менск, то ўсведамляеш моцную мудрасць тых кіраўнікоў нашай Радзімы ды простых беларусаў, што вырашылі пабудаваць ідэальны горад-сонца ў цэнтры Еўропы. Здаецца, што імі рушыла логіка Освальда Шпэнглера, які калісь акрэсліў, што “сусветная гісторыя стане гісторыяй гарадской”.
Беларусам патрабавалася сканцэнтраваць незлічоную колькасць высілкаў, каб выйсці на планетарны прасцяг гісторыі, а не спакусіцца плыць па цячэнні ды гібець у балотнай правінцыі. Пры будаўніцтве новага Менску мы праявілі перш за ўсё культурную волю і сталіся нацыяй у стылі класіцызм. Нашая архітэктура падобная на дзяржаўную ўладу.
Беларусы ішлі ад халупы да вёскі, ад вёскі да гораду, ад гораду да сталіцы. Цяпер беларусы маюць шанец стацца нацыяй цэнтру кантынента, сімвалізуючы прагу да міру. І гэта ёсць нашай задачай на будучыню.
Дискуссия
Еще по теме
Еще по теме
Мечислав Юркевич
Программист
ФАНТОМНЫЕ БОЛИ ПРОШЛОГО
Какие цели преследует Польша на белорусском направлении?
Мечислав Юркевич
Программист
ПОЧЕМУ КАЛИНИНГРАД ПРИСОЕДИНИЛИ К РОССИИ
А не к Беларуси или Литве
Мечислав Юркевич
Программист
БЕЛАРУСЬ НИ В КАКИЕ БОЕВЫЕ ДЕЙСТВИЯ ВВЯЗЫВАТЬСЯ НЕ СОБИРАЕТСЯ
Важные заявления и акценты от Лукашенко
Алексей Стефанов
ЛАТВИЙСКАЯ МОЛОДЕЖЬ АКТИВНО УЕЗЖАЕТ
В Беларусь
ОБЫКНОВЕННЫЙ НАЦИЗМ
КАК СОЗДАТЕЛИ RAIL BALTICA ПЫТАЛИСЬ ОБМАНУТЬ ГЕОГРАФИЮ
ПОЛИТИЧЕСКАЯ КРИТИКА
Это Вы как нерусский рассуждаете? Или Вы как русский знаете лучше, как жилось нерусским?
ПОСЛЕДНЕЕ СЛОВО СЕРГЕЯ СИДОРОВА
Из разговора врачей(англоязычных):Ну, коллега, будем лечить или она сама загнется?!